Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін падтрымалі галадоўнікаў
Восьмы дзень працягваецца галадоўка апазіцыйнай моладзі. У ёй бяруць удзел каля 40 актывістаў з Менску, Салігорску, Гродна, Жодзіна, Ліды і ўкраінскага Луцку. Галадоўнікі патрабуюць спыніць крымінальны пераслед актывістаў “Маладога фронту”, а таксама вызваліць палітычных зняволеных у Беларусі.
Кіраўніцтва “Маладога фронту” сёння заклікала ўсіх непаўналетніх актывістаў спыніць удзел у гэтай акцыі. Тым часам да галадоўкі далучаюцца новыя людзі з розных куткоў Беларусі.
Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч падтрымаў галадоўнікаў і бліжэйшымі днямі збіраецца наведаць салігорскіх удзельнікаў акцыі: “Тое, што робіць улада з арганізацыямі “Малады фронт” і “Партнёрства” – гэта, безумоўна, шаленства. Маладыя людзі не могуць зарэгістравацца, а за тое, што яны хочуць рабіць штосьці для радзімы, іх проста хочуць судзіць і пасадзіць у турму. Я лічу, што гэта – людзі, якія маюць гонар і годнасць. І я падтрымліваю іх акцыю і буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб аб гэтай акцыі даведаліся кіраўнікі дэмакратычных краінаў. Я лічу, што мы павінны далучыць грамадзянскую супольнасць і дзяржавы Еўропы да падтрымкі гэтай моладзі”.
Лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандр Казулін праз адваката з-за кратаў перадаў словы падтрымкі ўдзельнікам галадоўкі, заўважыўшы, што сучасная беларуская моладзь у сваёй актыўнай частцы здольная на гераічныя ўчынкі. “Моладзь не можа жыць па-ранейшаму. Па сутнасці, улада сама штурхае людзей на выкарыстанне такіх крайніх метадаў пратэсту, як галадоўка”, – гаворыцца ў заяве Аляксандра Казуліна.
Крыніца: Радыё Свабода pahonia.promedia.by
Iнтэрнэт-выданне pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.